ПРЫБУ́ГСКАЕ ПАЛЕ́ССЕ,

ландшафтны заказнік рэсп. значэння ў Брэсцкім р-не. Засн. ў 2003 для захавання унікальных прыродных ландшафтаў з папуляцыямі рэдкіх і знікаючых відаў раслін і жывёл. Пл. 7950 га. Асн. від ландшафту — пласкахвалістая водна-ледавіковая раўніна з дзярнова-падзолістымі пясчанымі і забалочанымі тарфяна-балотнымі глебамі. Пад лясамі 93% пл.; прадстаўлены ўсе фармацыі лясоў Беларусі (за выключэннем шэраальховых), пераважаюць хваёвыя лясы. Ёсць унікальныя расл. садружнасці: хвойнікі плюшчавы, чыставуставы; лугавая садружнасць райграсу сярэднееўрапейскага; лясы брызглінавыя, ядлоўцавыя з дрэвападобнымі экзэмплярамі выш. да 10 м; лясы з вішні птушынай (чарэшні). У флоры больш за 500 відаў сасудзістых раслін, з якіх у Чырв. кнігу занесены чыставуст каралеўскі, увярэднік лясны, каласняк пясчаны, гваздзік картузіянскі, гайнік цёмна-чырвоны, кадзіла сармацкае, касач сібірскі і інш. У фауне 58 відаў млекакормячых, 166 — птушак, усе віды рэптылій і амфібій, што пашыраны на Беларусі, 32 віды рыб; 75 відаў жывёл уключаны ў Чырв. кнігу, у т. л. соня арэшнікавая, барсук, начніцы сажалкавая і Натэрэра, шыракавушка еўрапейская, вячэрніца малая, кажанок паўночны, арлан-белахвост, гагара чорнаваллёвая, скапа і інш.

П.​І.​Лабанок.

т. 18, кн. 1, с. 440

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)